У госці да любімых песняроў

11.04.2022

9 красавіка педагагічнае аддзяленне Барысаўскага дзяржаўнага каледжа здзейсніла экскурсію ва ўстановы «Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы» і  «Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа».

Спачатку наведалі дом Купалы, які сустрэў нас вельмі гасцінна і пазнаёміў з жыццём і творчасцю першага народнага паэта Беларусі. Будучых настаўнікаў і выхавальнікаў прыемна ўразілі новыя экспазіцыі з выкарыстаннем сучасных мультымедыйных тэхналогій, якія пазнаёмілі з каштоўнымі дакументамі і фотаздымкамі, што захоўваюцца ў музейных фондах. Навучэнцы мелі ўнікальную магчымасць адчуць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі традыцыйнага свята Купалле, дзякуючы прагляду фільма, які дэманструецца ў фармаце 3D; пачуць голас песняра, убачыць рукапісы Янкі Купалы, яго адзенне, рэчы, якімі карыстаўся.

У музеі Якуба Коласа таксама чакала шмат цікавага. Навучэнцы даведаліся, як жыў Кастусь Міцкевіч у розныя часы, якая ў яго была сям’я; даведаліся аб вучобе ў настаўніцкай семінарыі, працы настаўнікам, першых творах пісьменніка і падручніках, якія выдаў Канстанцін Міхайлавіч і якімі доўгі час карысталіся не толькі вучні, але і будучыя настаўнікі.

У мемарыяльнай частцы, якая знаходзіцца на другім паверсе, узноўлены інтэр’ер пакояў, дзе жыла сям’я Коласа. Атмасферу побыту ствараюць рэчы: канапа, на якой сядзеў Колас, першы тэлевізар, рабочы стол, за якім працаваў, кнігі, якія Якуб Колас чытаў, падарункі сяброў-пісьменнікаў да 70-гадовага юбілею.

Літаральна ўсё было цікава нашым навучэнцам, бо праз некаторы час яны самі будуць знаёміць сваіх выхаванцаў з класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам і Якубам Коласам, якім у 2022 годзе спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння.

Ещё в этом разделе